Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
З 15.02.2020г. па 21.02.2020г. у нашай школе праходзіў тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам “Сто разоў шукай другой красы, а тым больш што свет даўно не вузкі! Ды калі ты не бязродны сын – гавары са мной па-беларуску!”.
Мэта правядзення тыдня: выхаванне цікавасці да вывучэння роднай мовы і нацыянальнай культуры праз самарэалізацыю вучняў у разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах.
У першы дзень вучні 10 класа сталі ўдзельнікамі гульні-віктарыны “Роднай мовай ганаруся”. Яны прынялі ўдзел у конкурсах “Перакладчыкі”,
“Знайдзі фразеалагізмы”, “Шыфроўка”, “Музей народнага побыту”, “Веру –
не веру”, а таксама праслухалі вершы, прысвечаныя роднай мове.
У другі дзень для вучняў быў арганізаваны прагляд відэафільмаў пра беларускую мову, а таксама мультыплікацыйных фільмаў на беларускай мове.
Трэці дзень стаў для сямікласнікаў днём адкрыццяў. Яны з вялікім задавальненнем здзейснілі падарожжа, якое называлася “Мая Радзіма – Беларусь”. Вучні паказалі, як добра яны ведаюць беларускія народныя традыцыі, святы, валодаюць інфармацыяй пра знакамітых асоб і цікавыя мясціны Беларусі.
17 лютага традыцыйна ў школе праходзіў прадметны конкурс “Буслік”. Вучні 3-11 класаў змаглі праверыць свае веды па беларускай мове.
Адзінаццацікласнікі ў гэты дзень прынялі ўдзел у літаратурным турніры і выявілі лепшага знаўцу творчасці мастакоў беларускага слова.
18 лютага пяцікласнікі спаборнічалі ў веданні беларускіх народных і літаратурных казак.
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму святу, прайшлі і ў нашай школе. Дэвізам дня сталі словы: “Мова родная – мова модная!”.
Загадзя ў фае школы быў аформлены інфармацыйны стэнд, вучні зрабілі віншавальныя паштоўкі з Днём роднай мовы. Дзевяцікласнікі падрыхтавалі радыёперадачу “Гучы, беларуская мова!”. На перапынках яны разам з настаўнікамі чыталі вершы беларускіх паэтаў пра прыгажосць, непаўторнасць і самабытнасць нашай роднай мовы. Увесь дзень гучалі песні на беларускай мове. Для вучняў старэйшых класаў праведзена віктарына “Пазнай партрэт”. Масавай стала акцыя “Сэлфі па-беларуску”.